БЕСПАРТЫ́ЙНЫ БЛОК СУПРАЦО́ЎНІЦТВА З УРА́ДАМ
(ББ),
палітычная групоўка ў Польшчы ў 1928—35. Утвораны напярэдадні выбараў у польскі сейм і аб’ядноўваў прыхільнікаў дыктатуры Ю.Пілсудскага. Гал. арганізатар і старшыня В.Славек. Праграма ББ абвяшчала ўзмацненне выканаўчай улады, давала прэзідэнту права самастойна вырашаць пытанні, незалежна ад заканадаўчых палат. Адыграў пэўную ролю ў працэсе ўсталявання ў краіне дыктатуры. На выбарах 1928 ББ атрымаў 27,6%, у 1930 дзякуючы націску адміністрацыі і фальсіфікацыі вынікаў галасавання — 55,6% месцаў у сейме. У Зах. Беларусі ў 1930 за ББ галасавала 30,2% выбаршчыкаў. Самараспусціўся пасля смерці Пілсудскага (1935).
У.А.Палуян.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)